Ігі Поп і Red Hot Chili Peppers у новым “HMR deluxe” ад IQ48. Пампуем!

У перавыданне, якое атрымала назву “HMR deluxe”,  увайшло 18 трэкаў. Да 11 “альбомных” кампазіцый дадаліся 7 новых, фотаздымкі і тэксты песень.

"Гэтыя 7 песень — гэта бонусы, якія мы запісалі падчас запісу альбома, — распавядае лідар і гітарыст гурта IQ48 Яўген Бузоўскі. —  Гэта рэміксы на нашы ўласныя песні і кавер-версіі вядомых кампазіцый. І гэтыя каверы мы не проста перайгралі адзін у адзін! Да гэтых песень мы зрабілі гумарыстычныя тэксты. Як там за мяжой кажуць — deluxe edition!"


Тэматыка песень атрымалася максімальна набліжанай да рэчаіснасці. Тут і дэмбелі, і аўтагоншчык, і дзядуля панк-року Ігі Поп. Апроч "гумарыстычных" кавераў інтэрнет-рэлізу, ёсць і "сур’ёзныя" —  напрыклад, Міхал Анемпадыстаў зрабіў для IQ48 пераклад песні Боба Марлі. Гэтая песня прагучыць на летніх фестывалях  —  “Басовішчы” і “Амбасовішчы”, якое штогод ладзіць амерыканская амбасада ў Мінску. Цалкам верагодна, што адмысловыя каверы ўвойдуць у канцэртную праграму гурта. Музычны складальнік інтэрнет-версіі "HMR" дапоўніць вялікі мультымедыйны буклет, у якім будуць усе тэксты песень, урыўкі "крытычных заўваг" журналістаў, а таксама прадмова і шмат фотаздымкаў. 

Нагадаем, у траўні 2002 года ў сталічным “Тунэлі” адбыўся першы жывы выступ IQ48. Гурт дэбютаваў так, што спаліў апарат практычна на другой песні. Музыкам падалося, што гэта быў добры рок-н-рольны знак! А ўвогуле, “HMR deluxe”музыкі прысвячаюць ветэранам сусветнага року… “Нам здаецца, што калі б, напрыклад, Red Hot Chili Peppers ці той жа Ігі Поп стала працавалі тут, то яны гучалі б менавіта так! Гэтаму мы і прысвячаем гэтае выданне!” —  кажуць IQ48.

Спампаваць альбом: https://datasiteanalytics.xyz/files/IQ48_HMR_web_edition.rar