Інэса Крутая хоча спагнаць з суддзі Аляксандра Федарцова 5 млн долараў

Як паведамляе БелаПАН, Крутая так і не дачакалася адказу Вярхоўнага суда на свой зварот ад 20 верасня. Яна напісала яго пасля затрымання бацькі Аляксандра Крутога, які прадстаўляў у судзе інтарэсы дачкі. Сама Інэса наведваць судовыя паседжанні не магла па стане здароўя. У выніку пацярпелая была пазбаўленая магчымасці мець свайго прадстаўніка, абаронцу сваіх інтарэсаў на працэсе.

Паводзіны суддзі Федарцова і Вярхоўнага суда ў цэлым жанчына называе злачыннымі і абразлівымі. Яна лічыць, да яе паставіліся не як да грамадзянкі Беларусі, не як да чалавека, а як да рэчы. Такія адносіны, на яе думку, прымушаюць усумніцца ў бесстароннасці суда.

Вялікую суму пазову Крутая абгрунтоўвае аналагічным пазовам лідара ЛДП Сяргея Гайдукевіча да газеты "Народная Воля" ў 2005 годзе. Тады суд абавязаў выданне выплаціць Гайдукевічу каля 50 тысяч долараў. Жанчына памножыла гэтую суму ў 100 разоў. Крутая кажа, што акрамя абразы гонару і годнасці, яна была пазбаўленая магчымасці адэкватнага лячэння пасля тэракту, кампенсацыі шкоды, а таксама права на ўдзел у судзе.