Інтэрпол прапануе Беларусі дапамогу ў расследаванні тэракту ў метро
Такая прапанова прагучала ад генеральнага сакратара Інтэрполу Рональда Ноўбла.
Ён прыбыў у Мінск 12 красавіка. Асноўнай мэтай візіту стала абмеркаванне пытанняў, звязаных з выбухам у мінскім метро 11 красавіка.
Як паведамляе БелаПАН, каб падкрэсліць значнасць мэты візіту, Ноўбл нават перапыніў свой удзел у Еўрапейскай рэгіянальнай канферэнцыі Інтэрпола, якая праходзіць зараз на Мальце.
Плануецца, што Ноўбл сустрэнецца з кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Ён хоча абмеркаваць магчымасць больш шчыльнага ўзаемадзеяння Інтэрпола і беларускай міліцыі ў барацьбе з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю.