Кагоўт: У Беларусі яшчэ ёсць час, каб вырашыць свой далейшы лёс
У эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё, міністр замежных спраў Чэхіі адзначыў, што ў Празе пільна сочаць за сітуацыяй у Беларусі, і распавёў, што неабходна зрабіць б
Еўрарадыё: Восенню Савет міністраў Еўрасаюза будзе разглядаць вельмі важнае для
Беларусі пытанне, пытанне аб магчымым скасаванні санкцый супраць
беларускіх чыноўнікаў.
Мы ўсе ведаем, што тэмпы дэмакратызацыі, якія
сёння адбываюцца ў Беларусі, пакідаюць жадаць лепшага. Мы бачым, што
цяпер адбываюцца падзеі, якія замінаюць дэмакратызацыі краіны.
Напрыклад, у галіне свабоды слова, правоў чалавека. І нас усіх
непакоіць тэндэнцыя, калі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў тэндэнцыя
да пагаршэння з правамі чалавека можа ўзмацняцца.
Скажыце, калі ласка,
якой будзе пазіцыя Чэхіі пры разглядзе пытання аб скасаванні санкцый у
выпадку пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?
Ян Кагоўт: “Мы, Чэшская Рэспубліка і чэшская дыпламатыя, надзвычай пільна сочым за
сітуацыяй у сферы шанавання правоў чалавека і за крокамі па
дэмакратызацыі ў Беларусі. Нас непакояць некаторыя новыя моманты ці
выпады супраць незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый.
Санкцыі, якія
дзейнічаюць з боку Еўрапейскага Саюза, будуць разглядацца ўвосень, і
мне здаецца, што яшчэ дастаткова шмат часу для таго, каб з Мінска
прыйшоў ясны адказ на пытанне, як там уяўляюць лёс сваёй краіны.
Будучыня санкцый не толькі ў нашых руках, яна перш за ўсё ў руках
адміністрацыйнага апарату і ўраду ў Мінску.
Быць ім ці не быць,
вырашыць не Чэшская Рэспубліка, а тое, якім чынам будзе сябе паводзіць
і камунікаваць Мінск. З нашага боку гэта зусім не шантаж, а толькі
прасоўванне тых дэмакратычных прынцыпаў, стандартаў і каштоўнасцяў, да
якіх мы прывыклі і якія лічым дзейнымі і ўніверсальнымі не толькі для
Ўсходняй Еўропы ці для нашай краіны, але і для Беларусі.
Інакш кажучы,
у выпадку, калі не будзе дасягнута крокаў і прагрэсу ў сферы аховы
правоў чалавека або крокаў па дэмакратызацыі, пра якія мы ўжо столькі
разоў гаварылі, у такім выпадку я з цяжкасцю магу сабе ўявіць нейкую
вялікую пазітыўную змену пазіцыі Чэшскай Рэспублікі.
Але я ўсё яшчэ
веру, што час, які ёсць у распараджэнні, будзе хутчэй матываваць да
пазітыўных крокаў з боку Мінску, якія пераканаюць нас у тым, што
сітуацыя сапраўды значна і сістэмна змяняецца”.
Фота: aktualne.centrum.cz