Камунальнікі напісалі на Партыю БНФ скаргу ў міліцыю

Праверку скаргі ладзіць Савецкае РУУС Мінску, перадае БелаПАН. ЖРЭА заяўляе, што шкода памяшканню складае 15 мільёнаў рублёў. У прыватнасці, камунальнікі скардзяцца на пашкоджанае лакафарбавае пакрыццё, непрацуючыя выключальнікі, адсутнасць лямпачак і ўваходных дзвярэй.

Лідар партыі Аляксей Янукевіч патлумачыў міліцыянтам, што партыйцы самі рабілі рамонт, усталявалі новую сантэхніку. Уваходныя дзверы перад ад'ездам Партыя БНФ сапраўды зняла, але дзверы, па сутнасці, з'яўляюцца прадметам мастацтва і ўласнасцю партыі.

Калі скарга пацвердзіцца, то супраць партыі могуць пачаць крымінальную справу. Таксама ЖРЭА можа паспрабаваць спагнаць з партыйцаў шкоду праз гаспадарчы суд.