Канавалаў распавядаў сябрам у Віцебску пра датычнасць да "нейкіх выбухаў"
Пра гэта распавяла ў судзе Наталля Каралёва, якая сябравала з Канавалавым у 2006—2008 гадах.
Па яе словах, якія перадае БелаПАН, недзе ўвосень 2008 года ў іх зайшла гутарка пра выбух у Мінску на Дзень Незалежнасці. Канавалаў сказаў, што баіцца здаваць адбіткі пальцаў, "што ў яго дзесьці адбіткі засталіся, што зразумеюць, што ён датычны да выбуху". Да якога канкрэтна выбуху, цяпер Каралёва не памятае. Словы Канавалава яна прыняла за жарт, не думала, што ён на такое здольны. Пры гэтым абое былі нападпітку.
У пратаколах следства адзначана, што Каралёва наварыла пра выбухі ў Віцебску і Мінску. Аднак сама дзяўчына заяўляе, быццам некалькі разоў падчас следства казала, што не памятае, ці называў Канавалаў канкрэтныя месцы выбухаў. Тым не менш у пратаколах гэта ўсё засталося.