Капскі прапанаваў фанатам стварыць добраахвотныя дружыны
Старшыня праўлення барысаўскага клуба разважае, як можна змагацца са спекулянтамі і перакупшчыкамі
“Мы зробім усё магчымае, каб задаволіць людзей, што прыйдуць да кас, – запэўнівае футбольных заўзятараў Анатоль Капскі. – У Мінску вялізная чарга, але, перш за ўсё, мы думаем пра барысаўскіх заўзятараў. А ў Барысаве ў гадзіну дня ля касы было чалавек 5, і квіткі ёсць, пакеты прадаюцца.”
Сапраўды, з самай раніцы ля “Дынама” выстраілася чарга ў 150 метраў. Кошты пакетаў у 190, 400 і 700 тысяч рублёў нікога не пужаюць. Адзін заўзятар, каб набыць квіткі, заняў чаргу ў палову першай гадзіны.
Капскі кажа, што ў клуб паступіла некалькі тысяч заявак ад юрыдычных фірм. Задаволеныя будуць не ўсе.
Капскі: “Шмат заявак ад турыстычных кампаній, у якіх знаходзіцца адзін стол і два крэслы. Такія задавальняць не будзем. І увогуле ні адной заяўкі ад турыстычнай кампаніі задавальняць не будзем, бо разумеем, што гэта жаданне зарабіць на чужым. Наколькі я помню, на ўчорашні дзень было каля 2-х тысяч заявак.”
Капскі лічыць, што самі заўзятары могуць сачыць за тым, каб у адны рукі прадавалася не болей за 2 пакеты (квіткі на тры гульні Лігі Чэмпіёнаў). Але на сустрэчы з клубам заўзятараў, уладальнікамі абанементаў і фанатамі Капскі прапанаваў стварыць добраахвотныя дружыны, якія будуць такія дзеянні спыняць. Ніхто не адмовіўся, толькі добраахвотнікаў ля кас не з’явілася.
Капскі: “Як змагацца са спекуляцыяй мусяць думаць адпаведныя органы. Мы можам толькі падняць кошты. Але ў такім выпадку ніколі не будзе праўды: для кагосьці пакет за 700 тысяч рублёў дарагі, а другі можа і 7 мільёнаў заплаціць. У нас у клубе няма супрацоўнікаў, якія будуць стаяць у чарзе і разбірацца.”
Еўрарадыё паразмаўляла з хлопцам, які прыйшоў на “Дынама” у палову сёмай раніцы, каб набыць квіткі на матчы БАТЭ. Каб трапіць у чаргу, Вова разам з сябрамі адпрасіўся з заняткаў у БНТУ.
Вова: “Увогуле, было класна набыць квіткі, адстаяўшы ў чарзе з паловы сёмай. Выехалі разам з сябрамі і стаялі каля 5 гадзін. Калі я ўзяў у рукі квіткі, зразумеў, што яно каштавала таго, каб прачнуцца ў палову шостай. А калі і на матч трапіць, то зусім будзе выдатна.”
Вова кажа, што спачатку былі і перакупшчыкі, якія спрабавалі набыць па 5-6 пакетаў. Але людзі пачалі выказваць свае прэтэнзіі, яны некуды зніклі. А некаторыя аматары футбола за месца ў чарзе бліжэй да касы прапаноўвалі грошы.
Вова: “Прапаноўвалі па 20 ці 50 тысяч рублёў. Але для працуючых людзей пры цяперашнім курсе валют гэта не грошы. Можа “Барселона” адзін раз прыязджае ў Мінск”.
Нагадаем, у першым хатнім матчы 28 верасня на мінскім стадыёне “Дынама” БАТЭ прымае “Барселону”. Да 24 верасня ў касах “Дынама” і Барысаўскага гарадскога стадыёна будуць прадавацца пакеты на наведванне ўсіх трох гульняў БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. Калі застануцца квіткі на асобныя матчы, то яны паступяць у продаж 24 верасня.