Касацыю па справе Pussy Riot адклалі да 10 кастрычніка
Гэтае рашэнне было прынятае ў сувязі з тым, што адна з асуджаных адмовілася ад паслуг свайго адваката.
Нагадаем, што сёння разглядалася касацыйная скарга на прысуд удзельніцам панк-гурта Pussy Riot Надзеі Талаконнікавай, Марыі Алёхінай і Кацярыне Самуцэвіч.
На пачатку судовага паседжання Самуцэвіч заявіла, што ў яе з'явіліся рознагалоссі з адвакатам Віялетай Волкавай. Пра якія менавіта рознагалоссі ідзе гаворка, яна не ўдакладніла. Па словах дзяўчыны, у яе ўжо ёсьць дамоўленасць з новым абаронцам і афіцыйную дамову з ім яна падпіша "ў самы бліжэйшы час". Бацька асуджанай Станіслаў Самуцэвіч заявіў ВВС, што не ведаў аб рашэнні дачкі.
Дарэчы, каля Масгарсуда ў панядзелак адбыліся некалькі акцыяў — як прыхільнікаў Pussy Riot, так і іх праціўнікаў. Праціўнікі прынеслі з сабой надзіманыя сэкс-лялькі ў балаклавах на галовах. Гэтая акцыя называлася "Не дамо надзьмуць Расію" і неўзабаве пасля пачатку была разагнана паліцыяй.
Удзельнікі акцыі "Occupy Масква" выпусцілі ў неба тры паветраныя шарыкі з партрэтамі адвакатаў асуджаных дзяўчат. На іх думку, ніводзін з юрыстаў не спрабаваў па-сапраўднаму абараніць дзяўчат, а выкарыстоўваў гучны працэс для ўласнага палітычнага піяру.
Фота Кацярыны Самуцэвіч — fototelegraf.ru