КДБ аддаў Анатолю Лябедзьку пашпарт, але не грошы
Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі жыў без пашпарта 7 месяцаў.
Сёння, 3 лістапада, Лябедзьку аддалі пашпарт, а таксама крыжык і камп'ютар. Па-ранейшаму ў спецслужбаў застаюцца чатыры нататнікі, грошы ды камп'ютарныя дыскі. Каб атрымаць іх, палітык збіраецца надалей дасылаць тэлеграмы ў КДБ і публічна агучваць праблему. Калі ж гэта не дапаможа — звернецца ў суд.
Лябедзька: "З красавіка бягучага года, амаль 7 месяцаў, я не меў на руках дакумент. Гэта стварала пэўныя бытавыя праблемы, але самае галоўнае для мяне было — адстойваць свае канстытуцыйныя правы. І тое, што сёння адбылося, я лічу сваёй маленькай перамогай".
Палітык кажа, што цяпер ён плануе паездкі па рэгіёнах Беларусі. А да канца году ўжо атрымаў некалькі запрашэнняў на выезд за мяжу Беларусі.