Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў Еўрасаюз адкрыцца для беларусаў
З такой заявай Аўдронюс Ажубаліс выступіў на сустрэчы міністраў замежных справаў ЕС у Брусэлі.
Па яго словах, якія перадае interfax.by, Еўрасаюз, ужываючы больш строгія санкцыі супраць афіцыйнага Мінску, павінен быць больш адкрытым для простых беларусаў.
ЕС павінен ясна паказаць беларускаму народу, што Еўропа не забылася пра іх, заявіў Ажубаліс. Кіраўнік літоўскага МЗС нагадаў, што летась урад Літвы вырашыў выдаваць нацыянальныя візы жыхарам Беларусі бясплатна, а Еўракамісія прапанавала беларускаму боку пачаць перамовы наконт спрашчэння візавага рэжыму. Аднак улады Беларусі дагэтуль не адрэагавалі, канстатаваў міністр.
Ён прапанаваў падумаць "пра стварэнне еўрапейскай альтэрнатывы для Беларусі".