Кіроўца пакінуў грузавік з алкаголем каля свайго дома — абакралі
Здарэнне адбылося ў Брэсце. Вадзіцель вярнуўся з працы дахаты і чамусьці пакінуў на ноч у двары машыну прадпрыемства — вытворцы алкагольных напояў.
Раніцай пабачыў, што нехта скраў вялікую колькасць алкаголю — амаль на 21 мільён рублёў. Зламыснік, каб дабрацца да тавару, сарваў з кузава навясны замок.
Як паведамляе сайт tomin.by, міліцыя ўжо вылічыла злодзея. Ім аказаўся 28-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар. Раней ён трапляў за краты за рабаванне, хуліганства і падробку дакументаў. Цяпер яго абвясцілі ў вышук.