Кіроўца заснуў за рулём і загінуў
ДТЗ з чалавечымі ахвярамі адбылося ўначы 1 снежня пад Іўем, на 14-м кіламетры дарогі Юрацішкі — Бакшты.
19-гадовы мінчанін на “жыгулях” разам са знаёмымі вяртаўся з горада Іўе ў Бакшты, паведаміў TUT.by начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко.
Пасажыры па дарозе выпілі па бутэльцы піва і задрамалі. Прачнуліся яны ад скрыгату металу аб галінкі і моцнага ўдару.
Метраў трыццаць аўтамабіль ехаў па ўзбочыне, потым з’ехаў у левы кювет і ўрэзаўся ў дрэва. Паводле папярэдняй версіі, 19-гадовы кіроўца заснуў за рулём.
Калі машыну вынесла на абочыну, сук аднаго з дрэў сарваў дах. У выніку ДТЗ заціснуты ў салоне кіроўца памёр на месцы. Такая ж доля спасцігла не прышпіленага рамянём бяспекі на заднім левым сядзенні 19-гадовага пасажыра.
Яшчэ двум маладым людям аказвалася медыцынская дапамога. Маладзёны, якія выжылі, сцвярджаюць, што кіроўца за рулём не піў, нягледзячы на настойлівае запрашэнне. Іх словы пацвердзіць або аспрэчыць следства.