Колькасць ахвяраў паводкі на поўдні Расіі дасягнула 50 чалавек
Моцныя залевы прыйшлі ў Краснадарскі край. Яны і выклікалі паводку.
Звесткі пра ахвяраў стыхіі распаўсюдзіла ўпраўленне інфармацыі МНС Расіі, паведамляе БЕЛТА. У Крымскім раёне Краснадарскага краю патанулі 39 чалавек. Целы загінулых знаходзяць уздоўж дарог, па якіх прайшоўся паток вады. Асобы загінулых вызначаюць: гэта або мясцовыя жыхары, або курортнікі. 9 чалавек загінулі ў Геленджыку, з іх пяцёра — ад удару токам, яшчэ двое загінулі ў Новарасійску.
У шэрагу раёнаў краю, у тым ліку ў Новарасійску і Геленджыку, абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі. МНС Расіі накіравала ў рэгіён самалёт з ратавальнікамі.
З-за падтаплення чыгункі ў раёне Новарасійска 11 пасажырскіх цягнікоў змянілі свій маршрут. Для абыходу закрытага ўчастка чыгункі саставы накіроўваюцца ў Анапу, дзе пасажырам падаюць спецыяльныя аўтобусы.
Ці ёсць сярод пацярпелых ад стыхіі беларусы, пакуль невядома.