Крызіс у Егіпце: прэзідэнт уводзіць надзвычайнае становішча (фота, відэа)
Падчас беспарадкаў загінулі дзясяткі людзей. Хто з кім варагуе ў краіне, дзе год таму перамагла Facebook-рэвалюцыя?
У Суэцы сярод забітых — 14-гадовы хлопчык. Ён быў сярод людзей, якія падпальвалі колішні будынак гарадской мэрыі. У горад уведзеная армія, але нават прысутнасць вайскоўцаў не супакойвае бунтароў.
Цяжкая сітуацыя і ў Порт-Саідзе. Сёння раніцай тут прысудзілі да смяротнага пакарання 21 удзельніка так званай “бойні Порт-Саіда”. 1 лютага 2012 года падчас футбольнага матча паміж мясцовым “Аль-Масры” і каірскім “Аль-Ахлі” на стадыёне адбылася масавая бойка, загінулі 74 чалавекі…
Рэжым надзвычайнага становішча абвешчаны на 30 дзён. Каб спыніць гвалт, прэзідэнт Махамед Мурсі гатовы і на больш рашучыя крокі. Тым часам сутыкненні з паліцыяй пачынаюцца і на плошчы Тахрыр у цэнтры Каіра.
Відэа: Аль-Джазіра.
“Калі вы запытаецеся, супраць чаго пратэстуюць усе гэтыя людзі — я ўпэўнены, вы атрымаеце вельмі розныя адказы, — кажа Ашраф Халіл, рэпарцёр France 24. — Адны скажуць, што яны незадаволеныя сваім становішчам, іншыя — што “Браты-мусульмане” здрадзілі ім і рэвалюцыі. Трэція запатрабуюць звяржэння Мурсі, але, як бы то ні было, Мурсі — прэзідэнт, абраны дэмакратычным шляхам!”
Два гады таму ад улады адмовіўся прэзідэнт Хосні Мубарак. Ён кіраваў Егіптам 31 год, і яго праўленне ўжо здавалася бясконцым. Але напрыканцы 2010 года хваля рэвалюцыі дакацілася да Егіпта з Туніса і зрушыла ўсё з месцаў. У цэнтры Каіра часам збіралася да мільёна пратэстоўцаў, а каардынаваліся яны праз суполкі ў сацыяльнай сетцы Facebook.
У выніку, 11 лютага Мубарак сышоў. Першая Рэспубліка, усталяваная ў Егіпце ў 1952 годзе, скончылася.
“Нашу рэвалюцыю скралі ісламісты!” — сцвярджаюць сёння пратэстоўцы. Яны падпальваюць дамы, пераварочваюць машыны і закідваюць паліцыянтаў камянямі і бутэлькамі з гаручай сумессю.

Палітычная сітуацыя ў Егіпце глыбока палярызаваная. Так, ісламісты здабылі перамогу на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. Але раздробленая апазіцыя здолела аб’яднацца супраць намераў прэзідэнта Мурсі пашырыць свае паўнамоцтвы і прыняць новую — праісламісцкую канстытуцыю. Канкурэнты Мурсі абвінавачваюць яго ў тым, што ён слухае толькі сваіх “ісламісцкіх сяброў” і адмаўляецца ад свайго абяцання быць прэзідэнтам для усіх грамадзян Егіпта.
“Усё, што я магу сказаць людзям, якія выйшлі на Тахрыр — разыходзьцеся. А заўтра прыходзьце на працу, і ўвішна працуйце. Для сябе, для сваёй сям’і, для сваёй краіны. Толькі так вы зможаце выратаваць тое, што дала вам рэвалюцыя”, — пярэчыць гэтым заявам прысутны на эканамічным форуме ў Давосе прэм’ер-міністр Егіпта Хішам Кандзіль.
Каб спыніць беспарадкі, прэзідэнт Мурсі прапануе апазіцыйным лідарам сесці за стол перамоваў. Але тыя, адчуваючы сілу масавых пратэстаў, нечакана адмаўляюцца, нягледзячы на тое, што дагэтуль доўга шукалі размовы з уладай! “Паўнавартаснага дыялогу ўсё роўна не атрымаецца. Мурсі недамоваздольны”, — настойвае лідар апазіцыйнай егіпецкай партыі “Ад-Дустур” Мухамед аль-Барадэі.
Удзень 28 студзеня беспарадкі крыху суцішаюцца. Дэманстранты застаюцца на вуліцах, але не робяць ніякіх актыўных дзеянняў. Еўрарадыё сочыць за развіццём падзей у Егіпце.
Фота: Аль-Джазіра.







