Купалаўскі тэатр адрамантуюць да восені 2012 года?
На сёння будаўнікі ўжо дэмантавалі ўсе нясучыя і агараджальныя канструкцыі, падлогу, а таксама заднюю і бакавую частку прыбудовы.
Усе гэтыя канструкцыі і збудаванні ўзвялі ў часе апошняга рамонту тэатра. Цяпер ідуць працы па ўмацаванні фундамента і сцен будынка. Далей у планах — зрабіць сутарэнне глыбінёй 7,5 метраў. Пасля гэтага будаўнікі зоймуцца аднаўленнем гістарычнага аблічча тэатра, перадае БЕЛТА.
Згодна з графікам, Купалаўскі павінен адчыніцца пасля рэканструкцыі ў верасні наступнага года. Аднак будаўнікі ўжо цяпер мяркуюць, што могуць не ўкласціся ў гэтыя тэрміны. Тым не менш яны пастараюцца зрабіць так, каб трупа тэатра вярнулася на родную сцэну ў наступным сезоне.