Курс долара ў інтэрнэт-крамах падскочыў на 600-800 рублёў

У інтэрнэт-краме “Apexline” ўжо праз некалькі гадзінаў ацанілі долар у 8600 рублёў, хаця яшчэ напярэдадні курс быў 8000 рублёў за долар. А ў краме “Связь”, якая гандлюе мабільнікамі, сёння долар каштуе 8700 рублёў. Столькі ж — у інтэрнэт-краме “Hochu telefon”.

Супрацоўнік “Hochu telefon”: “Мы паставілі замест 8000 рублёў за долар 8700 рублёў. Думаю, што курс будзе прыкладна на такім узроўні, плюс-мінус 200 рублёў. Банкі ж не гарантуюць з’яўленне валюты, хоць і выстаўляюць такі курс”.

Курс валют у турфірмы “Лайф тур” пасля таргоў ніяк не змяніўся: долар, як каштаваў 10 тысяч рублёў некалькі дзён таму, так і каштуе. Супрацоўніца фірмы лічыць, што гэта і ёсць самы рэальны курс, па якім можна безнаяўна набыць долары. І не верыць, што ў абменніках з’явяцца долары па 8600 рублёў.

Супрацоўніца “Лайф тур”: “Мы патэлефанавалі ў банкі, у тым ліку і ў той, які абслугоўвае нашу фірму, і запыталі, па якім курсе яны дадуць долары ў продаж. І ні ў адным банку нам не сказалі, што дадуць долары ў продаж. Усе сказалі: “Нам няма што даваць у продаж! Дзе мы возьмем долары?”

А вось у турфірме “Алые паруса” сёння выставілі курс 8500 рублёў за долар замест ранейшых 9000 рублёў. Галоўны бухгалтар турфірмы Кацярына Нікалаева спадзяецца, што хутка валюта з’явіцца ў абменніках.

Нікалаева: “Мы арыентуемся на дзеючы курс, завышаць яго няма сэнсу. Тое, што тураператары завышаюць курс — 10000-10500 рублёў за долар — не апраўдана. Сапраўды, мы можам, не падманваючы сваіх турыстаў, набыць валюту танней”.

Цікава, што адзін кліент учора аплаціў 30 адсоткаў кошту пуцёўкі па курсе 9000 рублёў за долар. Цяпер жа ён можа ўнесці астатнюю суму па меншым курсе.

А ў нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” нават праз некалькі гадзін пасля таргоў еўра каштаваў танней, чым долар у крамах і турфірмах — 7400 рублёў. Толькі, наўрадці, такі курс захаваецца ў чацвер.

Фота: ebmw.ru