Квіткі на Алімпіяду, прызначаныя для Беларусі, спрабавалі прадаць праз Осла
Больш за 900 квіткоў на Алімпіяду канфіскавалі з незаконнага абарота нарвежскія паліцыянты. Першапачаткова яны былі вылучаныя для НАК Расіі і Беларусі.
Як піша агенцтва РБК са спасылкай на Reuters, грамадзянін Польшчы спрабаваў увезці ў Нарвегію амаль 500 квіткоў. Яшчэ 400 квіткоў канфіскаваныя з паштовай перасылкі пасля наводкі ад кур’ерскай службы. Гаворка ідзе пра квіткі, вылучаныя для расійскага і беларускага аргкамітэтаў, адмыслова памечаныя як не прызначаныя для продажу.
Першапачаткова квіткі прызначаліся для алімпійскіх камітэтаў, спартовых федэрацый і спонсараў. Але праз Осла іх спрабавалі выкінуць на “чорны” рынак. Дарэчы, крыху раней у незаконным гандлі алімпійскімі квіткамі была заўважана нарвежская фірма Euroteam. З пакуль не ўсталяваных крыніцаў яна атрымала каля 5 тысяч сапраўдных білетаў на Гульні.