Літва гатова аказаць Беларусі дапамогу па рэабілітацыі пацярпелых

Літва гатова бязвыплатна аказаць Беларусі дапамогу па рэабілітацыі пацярпелых у выніку тэракта ў мінскім метро. Пра гэта заявіў пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас 13 красавіка, наведваючы месца трагедыі, дзе ён усклаў кветкі.

Паводле яго слоў, 12 красавіка адбылася тэлефонная размова міністраў аховы здароўя Беларусі і Літвы. "Наш міністр тэлефанаваў вашаму і прапанаваў, калі гэта неабходна, аказаць дапамогу па рэабілітацыі пацярпелых. Друскінінкай, Паланга — усе нашы курорты адкрытыя, будзе аказана ўся магчымая дапамога. Зразумела, на бязвыплатнай аснове", — сказаў Багдонас.

Ён таксама паведаміў, што ўчора раніцай хацеў здаць кроў. "Але выявілася, што нельга, таму што я — замежны грамадзянін", — растлумачыў дыпламат.

Гаворачы пра тэракт, Багдонас адзначыў: "Уся Літва спачувае Беларусі. Мы таксама чакаем вынікаў расследавання, хочам ведаць, хто гэтыя звяры. Нам таксама балюча, таму што беларусы — нашы браты".

Сёння раніцай месца трагедыі таксама наведалі і ўсклалі кветкі прадстаўнікі пасольства Ізраіля і Францыі, намеснік старшыні Выканкама СНД Уладзімір Гаркун, шэраг іншых дыпламатаў, паведамляе БелаПАН.