Літва плаціць за газ 367 долараў за 1000 кубаметраў
І не мае праблем на валютным рынку. Беларусь плаціць "Газпраму" 244 долары і сцвярджае, што гэта крытычны кошт для эканомікі.
У першым квартале 2011 года Эстонія набывала газ у "Газпрама" на найбольш ільготных умовах сярод краін Балтыі. Эстонская газатранспартная кампанія Eesti Gaas плаціла расійскаму канцэрну 309 долараў за 1000 кубаметраў газу. Латвія плаціла ў той жа час 310 долараў, а Літва — 367, перадае delfi.
Беларусь разлічвалася па 244 долары, і, як сцвярджае яе кіраўніцтва, гэта паслужыла адной з прычын "валютнага крызісу".
"Рэальны сектар эканомікі не можа расці такімі тэмпамі, як расце цана на рэсурсы і сыравіну. Нам не хапала прадаваных тавараў, валюты, каб аплочваць рэсурсы", — сказаў 15 красавіка на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. На наступны дзень ён патлумачыў журналістам: "Ну што рабіць, калі нам прадаюць нафту ў 2 разы даражэй, а адсюль газ на 50 працэнтаў падаражэў? Мы сёння прыродны газ купляем па цане вышэй, чым Германія".