Ладуцька хоча штрафаваць мінчукоў за раскіданне смецця на вуліцах
Пра гэта ён заявіў у панядзелак на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме.
Адпаведнае даручэнне Мікалай Ладуцька даў аддзелу гарадской гаспадаркі Мінгарвыканкама, перадае БЕЛТА. Па яго словах, потым гэтую прапанову разгледзяць дэпутаты Мінгарсавету.
Намеснік начальніка аддзела гарадской гаспадаркі гарвыканкама Анатоль Дасюкоў кажа, што ў Мінску могуць аштрафаваць за выкіданне смецця з вокнаў аўтамабіляў на суму ад 100 да 200 тысяч рублёў, аднак гэтая мера адміністрацыйнага ўздзеяння практычна не ўжываецца. У Чэхіі штраф за раскіданне смецця складае 50 еўра, у Вялікабрытаніі — 57 еўра, у Іспаніі — 90 еўра, у Швецыі — 170 еўра, у Сінгапуры — 500 еўра.
Пытанне пра памеры штрафу ў Мінску яшчэ распрацоўваецца. Па словах чыноўнікаў, сума павінна быць у разумных межах і будзе суаднесеная з сярэднім заробкам.
Фота — kiyany.obozrevatel.com