Леанід Заіка не бачыць палітыкі ў затрымцы з крэдытам ЕўрАзЭС
Пра гэта эканаміст распавёў у каментары Еўрарадыё.
Нагадаем, што сёння ў Мінск прыйшоў чацвёрты транш крэдыту з Нтыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. 440 мільёнаў долараў не маглі дайсці да Беларусі амаль два месяцы. З'явіліся нават меркаванні, што затрымка выкліканая палітычнымі прычынамі.
Леанід Заіка не згодны з такімі меркаваннямі.
Заіка: "Транш не прыходзіў з той простай прычыны, што ў кіраўніцтва ЕўрАзЭСаўскай фінансавай каманды ўваходзяць масквічы сярэдняга веку, якія добра ведаюць макраэканоміку, законы манетарнага абарачэння, бюджэтнай палітыкі... І таму яны хацелі б, каб Беларусі гроша вылучаліся пад разумную макраэканамічную палітыку".
Па словах эканаміста, гэта проста небяспечна — даваць грошы ўладам, якія ў 2011 годзе ўтрая абвалілі валютны курс. Такія ўлады будуць проста праядаць грошы. Заіка лічыць, што выдача крэдытаў Мінску — рызыкоўны занятак:
Заіка: "Нават на сённяшні дзень ЕўрАзЭС шмат чым рызыкуе. За 2012 год ВУП афіцыйна вырас на 1,5% (насамрэч ён знізіўся). А грошы ў абарачэнні (наяўныя грошы) выраслі на 60%. Скажыце: дзе, у якіх падручніках дапускаецца нават думка, каб пры росце ВУП быў рост грошай на 60%?"