Лекар у Польшчы адмовіўся па страхоўцы лячыць дзіця з Беларусі
Здарэнне адбылося ў мясцовасці Пулавы ў Люблінскім ваяводстве.
Лекар бальніцы не захацеў лячыць беларускага школьніка бясплатна, нягледзячы на тое, што ў яго была страхоўка. Пазней ён выгнаў з кабінета беларускую апякунку вучня. У выніку, спалоханая жанчына заплаціла лекару 178 злотых (каля 60 долараў). Пазней лекару прыйшлося папрасіць прабачэння за свае паводзіны.
Вядома, што хлопец прыехаў у Польшчу вучыцца па абмене. Як паведамляе сайт dziennikwschodni.pl, ён паступіў у лякарню пасля прыступу эпілепсіі.
Дырэктарка бальніцы падкрэслівае, што грошы на лячэнне былі прыняты ў адпаведнасці з законам. Спачатку яна тлумачыла, што страхоўка была напісана па-беларуску і ў бальніцы не знайшлося асобы, якая б ведала гэтую мову.