Лекары: Баранавіцкія школьнікі захварэлі не праз ежу
Эпідэміёлагі лічаць, што дзеці заразіліся кантактна-побытавым шляхам. Сталоўка як крыніца заражэння выключаецца.
Пра гэта піша Intex-press са спасылкай на галоўнага санітарнага лекара Баранавічаў Сяргея Плескацэвіча. На яго думку, школьнікі заразіліся адзін ад аднаго.
Аналізы са школьнай сталоўкі не выклікалі прэтэнзій у санстацыі. Вынікі аналізаў вадаправоднай вады будуць гатовыя толькі праз тыдзень. Але, па словах лекара, калі б прычынай заражэння была вада, захварэлых дзяцей было б значна больш.
Нагадаем, 22 снежня ў Баранавічах у інфекцыйнае аддзяленне больніцы трапілі 4 вучні школы №14. Сімптомы захворвання адзначаліся яшчэ ў 13 вучняў гэтай жа школы. Іх не шпіталізавалі, бо ў гэтых дзяцей хвароба працякае ў лёгкай форме.