"Лепшым па прафесіі" стаў пракурор, пакараны за непрафесіяналізм
Адміністрацыя Ленінскага раёна Магілёва падвяла вынікі раённага спаборніцтва за званне "Лепшы па прафесіі".
Ганаровае званне з уручэннем дыплома і грашовую прэмію ў паўмільёна рублёў атрымаў памочнік пракурора Ленінскага раёна Кірыл Абрамаў.
Між тым, як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", у канцы 2012 года гэтага супрацоўніка пазбавілі прэміі за няякасна праведзеную праверку па пісьмовых зваротах непаўналетніх дзяцей грамадскай актывісткі Наталлі Шкадун ў камісію па справах непаўналетніх. Тады адказы на свае пісьмовыя звароты атрымалі толькі двое з трох дзяцей. Наталля Шкадун звярнулася ў пракуратуру Ленінскага раёна з просьбай праверыць парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян. Аднак памочнік пракурора Кірыл Абрамаў не пабачыў парушэння закона.
А вось магілёўская абласная пракуратура парушэнне выявіла. У выніку Кірыл Абрамаў быў дэпрэміраваны.
Нагадаем, што прычынай скаргаў Наталлі Шкадун і яе сям'і сталі невыносныя ўмовы іх пражывання. Рамонт у дзвюх кватэрах, атрыманых сям'ёй Шкадун, не завершаны будаўнікамі да гэтага часу і пражываць там немагчыма. Жанчына судзіцца з будаўнічай арганізацыяй, якая пабудавала дом і не завершыла ўнутраныя аддзелачныя работы, прадугледжаныя дамовай.
Фота — bymedia.net