Лёва Бі-2: Пра цэнзуру ў Беларусі чулі, але нас гэта не закранае

Расійскія рок-музыкі беларускага паходжання Бі-2 стварылі ў Брэсце сапраўдны аншлаг на адкрытым паветры. Людзі цалкам запоўнілі пляцоўку Вяслярнага каналу, дзе праходзіў канцэрт, і нават плот вакол яго.

Перад выступам гурта арганізатары мерапрыемства зладзілі прэс-канферэнцыю з Лёвам і Шурам Бі-2. Спрошчаны парадак рэгістрацыі зрабіў у гэты вечар амаль любога ахвотнага карыстальніка сацыяльных сетак са здымачом у руках журналістам. Так на амаль 50 прысутных было крыху больш за 25 прадстаўнікоў афіцыйных СМІ. Гэта, вядома, паўплывала і на фармат сустрэчы: яна больш нагадвала аўтограф-сесію для фанатаў, чым размову з журналістамі. Ці не кожнае пытанне пачыналася са словаў "Дзень добры! Мне вельмі падабаецца вашая песня..."

На пытанне Еўрарадыё "Ці існуе ў Беларусі цэнзура выступаў?" Лёва адказаў сціпла: "Мы шмат аб гэтым чулі, але, шчыра кажучы, нас гэта ніколі не закранала. Таму я нават і не ведаю, як да гэтага ставіцца".

Дарэчы, леташні выступ поп-гурта Quest Pistols у Брэсце таксама быў арганізаваны праз кампанію Velcom. Ужо пазней у адным з інтэрв'ю спевакі прызналіся, што ў беларускім турнэ іх "папрасілі" не выконваць песню "Рэвалюцыя".

З рокерамі ж сапраўды атрымалася наадварот. Як быццам ў пацвярджэнне сваіх словаў, адным з першых нумароў канцэрту была "Рэвалюцыя" Бі-2.