Літоўскі суд гуманна паставіўся да беларускага "мінёра"
Віленскі акруговы суд асудзіў беларуса да штрафу ў памеры 520 літаў за крымінальную правіну. Але нават штраф яму не давядзецца плаціць.
27 сакавіка грамадзянін Беларусі 1965 года нараджэння, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, ананімна патэлефанаваў па адзіным тэлефоне дапамогі і заявіў, што ў адным з віленскіх гатэляў замінаваныя два нумары.
Паліцыя хутка вызначыла чалавека, які тэлефанаваў з прывакзальнага таксафона, і затрымала як раз у той момант, калі ён збіраўся сесці ў цягнік і з'ехаць у Мінск. Свой званок пра "мінаванне" беларус патлумачыў тым, што хацеў адпомсціць суседзям па нумары, з якімі пасварыўся.
Затрыманага змясцілі ў СІЗА, а сёння трэцім Віленскім акруговым судом ён асуджаны да штрафу ў памеры чатырох пражытковых мінімумаў (520 літаў). У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Літвы, калі падсудны да суду двое сутак адседзеў у камеры папярэдняга зняволення, штраф яму плаціць не давядзецца — двое сутак няволі адпавядаюць памеру прызначанага яму штрафу, перадае БЕЛТА.