Літва адмовілася падаваць заяўку на ЧЕ разам з Беларуссю
Літва адмовілася праводзіць сумесны з Беларуссю жаночы чэмпіянат Еўропы па баскетболе ў 2015 годзе.
Цяпер Беларуская федэрацыя баскетболу збіраецца падаваць заяўку на правядзенне чэмпіянату самастойна, паведамляе "Прессбол". Для гэтага ладзіцца комплексны аналіз наяўнай інфраструктуры, а таксама аб'ектаў, прызначаных да пабудовы аж да 2015 года. Як паведамілі Еўрарадыё ў Федэрацыі ўсё будзе залежаць ад таго, ці пойдуць замежныя калегі насустрач.
“Праблема ў тым, што тэрміны ўжо выйшлі, і ўсё залежыць ад таго, наколькі міжнародная федэрацыя пойдзе нам насустрач. Зразумела, што пасля адмовы літоўцаў неабходна радыкальна пераглядаць умовы гэтай заяўкі. У тым ліку з’яўляюцца зусім іншыя і фінансавыя, і інфраструктурныя патрабаванні пры адзіночным правядзенні спаборніцтваў. Але такая магчымасць зараз не выключаецца”.
Міжнародная баскетбольная асацыяцыя ФІБА дала Беларусі дадатковы час для збору актуальнай інфармацыі. Чакаецца, што рашэнне па праекце будзе прынята ўжо ў бліжэйшыя тыдні.
Адзначым, што адносіны паміж Літвой і Беларуссю апошнім часам напружаныя. У самой Літве ўзнік вялікі скандал пасля таго, як мясцовыя чыноўнікі выдалі Мінску звесткі аб рахунках беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пасля гэтага Літва не пусціла на сваю тэрыторыю неўязную ў ЕС намесніцу міністра юстыцыі, а Беларусь анулявала візу літоўскай журналістцы.