Лукашэнка незадаволены вытворцамі абутку
Па яго словах, гэтая галіна паразітуе на золатавалютных рэзервах дзяржавы, хоць мусіць прывозіць валюту ў краіну.
З такой заявай кіраўнік Беларусі выступіў на нарадзе па пытаннях развіцця гарбарнай і абутковай прамысловасці.
Па яго словах, якія перадае interfax.by, беларускія вытворцы абутку працуюць амаль цалкам на замежнай сыравіне. Так, у сабекошце прадукцыі, вырабленай на "Прамяні", імпартны складнік роўны 71%, на "Белвесце" — амаль 70%, "Сан Марка" — амаль 70%, а на "Чырвоным Кастрычніку" — больш за палову.
Таксама Лукашэнка заявіў, што за апошнія 10 гадоў уласная вытворчасць абутку ў Беларусі зменшылася з 16 да 13 млн параў у год. А штогадовы імпарт абутку за гэты перыяд вырас больш як у 10 разоў.
Па словах кіраўніка Беларусі, найлепшую сыравіну ў неапрацаваным выглядзе прадавалі за мяжу: "З 2000 па 2010 год вываз неапрацаваных шкур змудрыліся нарасціць аж у 3 разы, а сабе пакідалі бруд і адкіды ад першаснай апрацоўкі".
Фота — kp.by