Лукашэнка сустрэнецца ў Нясвіжы з Радзівіламі?
Кіраўнік дзяржавы едзе паглядзець на адрэстаўраваны Нясвіжскі замак, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, учора Еўрарадыё паведаміла, што на адкрыццё замка едуць з Польшчы князі Мацей і Мікалай Радзівілы. Іх запрасіў музей-запаведнік “Нясвіж”.
Рэканструкцыю Нясвіжскага замка першапачаткова меркавалася скончыць яшчэ ў 2010 годзе. Працэс аднаўлення выклікаў шмат нараканняў адмыслоўцаў, якія зафіксавалі шматлікія парушэнні стандартаў рэстаўрацыі. У часе рэканструкцыі была цалкам знішчаная трохпавярховая замкавая галерэя і практычна цалкам — замкавы мост. Апроч гэтага, пацярпелі інтэр’еры — ляпніну дзе-нідзе замянілі на новую, а усе старыя вокны замянілі сучаснымі драўлянымі шклопакетамі.