Любоў Кавалёва не будзе падаваць у суд на КДБ

Нагодай для гэтай заявы стаў адказ з Генпракуратуры, які атрымала маці пакаранага за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва. Жанчына патрабавала забяспечыць яе канстытуцыйныя правы.

Нагадаем, на працягу некалькіх месяцаў Кавалёва звярталася ў КДБ, каб высветліць, дзе знаходзяцца запісы сына, якія ён вёў у судзе і на сустрэчах з адвакатам. Ні на адзін са зваротаў яна не атрымала пісьмовага адказу. Таму жанчына звярнулася да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, каб абараніць свае канстытуцыйныя правы.

Аднак у адказе з Генпракуратуры гаворыцца, што парушэнняў заканадаўства ў гісторыі са зваротамі ў КДБ не выяўлена. Адказ падпісаў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і дзяржаўнай бяспекі Шуляк.

Кавалёва кажа, што не задаволеная адказам, але ў суд звяртацца не будзе, інфармуе БелаПАН. Яна лічыць, што адбыўся "звычайны крадзеж". Гэта датычыць і зніклых запісаў сына і яго даверанасцяў, якія ён рыхтаваў для маці.