Мінэканомікі раскрывае сакрэт адмоўнага сальда
Адна з прычын росту адмоўнага сальда знешняга гандлю — антыэкспартная інвестыцыйная дзейнасць рэальнага сектара эканомікі.
Пра гэта на пасяджэнні Саўміна 22 красавіка заявіў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.
"Актыўная інвестыцыйная дзейнасць галін у апошнія пяць гадоў насіла антыэкспартны характар і праводзілася з прыцэлам на ўнутраны рынак. Гэта стала адной з прычын росту гандлёвага сальда, якое па выніках 2010 года склалася ў памеры мінус 7,4 млрд долараў", — сказаў міністр.
Паводле яго слоў, калі ў 2006 годзе 57% вырабленай прадукцыі прадавалася за валюту, то пасля ўсіх інвестыцыйных мерапрыемстваў прадукцыя не стала прадавацца лепш. Доля экспарту ў аб'ёме вырабленай у 2010 годзе прадукцыі ўпалп да 46%.
Пры гэтым расла і залежнасць ад імпарту. Калі ў 2006 годзе Мінпрам траціў 57 цэнтаў імпарту на далар экспарту, то цяпер — 66 цэнтаў.
"Калі б летась доля пастаўленай на знешні рынак прадукцыі была захавана хоць бы на ўзроўні 2006 года, то мы атрымалі б на 5,6 млрд. долараў валютнай выручкі больш", — цытуе БелаПАН Снапкова.