Мінэканомікі цяжка спрагназаваць інфляцыю
Для дакладных разлікаў, як мінімум, неабходна ведаць, калі і які "раўнаважны" курс беларускага рубля вызначыць Нацбанк.
Мінэканомікі Беларусі пералічвае прагноз інфляцыі на 2011 год. Пра гэта заявіў сёння журналістам міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.
Паводле дадзеных на 20 красавіка, інфляцыя ад пачатку года склала 8,75%. Пры гэтым прагнозны ўзровень інфляцыі на ўвесь 2011 год быў вызначаны на ўзроўні 7,5%-8,5%.
"Мы зараз новы прагноз лічым. Інфляцыя ўжо пераваліла за прагнозны ўзровень", — сказаў Снапкоў.
Як адзначыў міністр, "мы не хацелі б памыліцца яшчэ раз". Асноўнымі фактарамі, якія выкарыстоўваюцца ў разліках, ён назваў "тое, наколькі Нацбанк вызначыць раўнаважны курс, а таксама тое, наколькі сцісканне выдаткаў бюджэту дазволіць выканаць параметры ВУП". "Пакуль мы канчаткова ні на першае, ні на другое пытанне адказаць не можам. Тыя сцэнары, якія мы пралічваем, нам бы пакуль не хацелася афішаваць", — падкрэсліў міністр эканомікі.