Мінскі тэрарыст зусім не падобны да фотаробата

Па дадзеных газеты "Коммерсантъ", намаляваны на фотаробаце галоўны падазраваны ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро не падобны да рэальнага злачынцы, які пакінуў торбу з выбухоўкай на станцыі "Кастрычніцкая".

Як распавяла крыніца, якая азнаёмілася з наяўнымі ў беларускіх сілавікоў запісамі камер відэаназірання, чалавек, што змясціў торбу з выбухоўкай пад лавай на станцыі метро, "на каўказца зусім не падобны". "На твары мужчыны на фотаробаце ёсць шчацінне, а ў гаспадара торбы яе не было. І ён зусім не смуглявы, хутчэй падобны да ўладальніка славянскай ці еўрапейскай знешнасці, - кажа крыніца.

"Ён спакойна падышоў да лавы і паклаў пад яе торбу. Не спяшаючыся так. Але было відаць, што торба цяжкая. Потым без спешкі сышоў", - адзначае суразмоўца.

Што да чутак пра тое, што нібы на "Кастрычніцкай" "каўказца" апазналі відавочцы, то ў адказ яшчэ адна крыніца газеты ў сілавых структурах выказала здагадку, што "хутчэй за ўсё, сведкі менавіта ў той час у мятро бачылі нейкага чалавека паўднёвай знешнасці, вось ён і стаў для іх падазроным".

За апошнія два дні ў МУС і КДБ Беларусі апыталі некалькі сотняў відавочцаў тэракту. Прычым на допыт выклікалі не толькі тых, хто знаходзіўся ў метро на момант выбуху, але і тых, хто актыўна пісаў пра яго ў сацыяльных сетках ці даваў каментары журналістам. Гутаркі доўжыліся ад 30 хвілін да адной гадзіны.