Мінсувязі хоча прадаць "Прамсувязь" кітайцам

Як заявіў сёння міністр сувязі Мікалай Панцялей, гаворка ідзе аб продажы замежнаму інвестару "100% імпартаёмістага" прадпрыемства, якое напярэдадні прэзентавала тры мадэлі "айчыннага” мабільніка, зробленага з кітайскіх камплектуючых.

"Прынята пастанова Саўміна, дзе прыватызацыя " Прамсувязі" запланавана на 2012 год. Але мы пастараемся ўсё ж паскорыць гэтую працэдуру, бо зацікаўлены ў хутчэйшым прыходзе інвестара", — сказаў Панцялей.

Па словах міністра, галоўнай умовай продажу стане "глыбокая лакалізацыя вытворчасцей складанага тэлекамунікацыйнага абсталявання".

Адзін з верагодных партнёраў — кітайская Huawei — не хавае свайго жадання набыць пакет акцый ААТ "Прамсувязь", паведамляе БелТА са спасылкай на прадстаўніка Huawei. Менавіта гэтая кампанія вырабляе для Прамсувязі ADSL-мадэмы, якія ўкараняюцца ў масы з дапамогай дзяржманаполіі Белтэлекам, піша АФН.