Магілёвец патрабуе знізіць цэны на гародніну для баршча
Магілёўскі дэмакратычны актывіст Аляксей Паўлоўскі распачаў збор подпісаў пад зваротам да афіцыйных асобаў Беларусі.
Ён патрабуе прыняць меры па зніжэнні цаны на буракі, бульбу, капусту і моркву. Сабраныя подпісы ён збіраецца выслаць старшыні Савета Рэспублікі Анатолю Рубінаву, старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай ды Аляксандру Лукашэнку.
Паўлоўскі адзначае, што цана за кілаграм польскіх буракоў у Магілёве складае больш за 5000 рублёў. А вось беларускія буракі ў горадзе не прадаюцца.
Актывіст прапаноўвае павялічыць плошчу надзелаў у сельскай гаспадаркі для вырошчвання гэтых культураў, прыцягнуць “патрыятычныя” сілы ў выглядзе БРСМ і "Белай Русі" да сельскагаспадарчай працы. Таксама ён просіць пакараць чыноўнікаў, якія выдаткоўваюць дэфіцытную валюту на закупкі гародніны за мяжой.
Актывіст мяркуе, што калі хатнія гаспадыні будуць пазбаўленыя магчымасці прыгататаваць боршч, гэта можа прывесці да спантаннага масавага бунту. Нагадаем, што на паслявыбарнай прэс-канферэнцыі 20 снежня Лідзія Ярмошына заявіла карэспандэнту Еўрарадыё, што жанчыны не павінны былі ісці на Плошчу, а сядзець дома і варыць боршч.