Магілёўскія вернікі абароняць у судзе агароджу вакол малельнага дома
Камунальнікі пакуль не сталі зносіць агароджу каля дома магілёўскага пастара незарэгістраванай царквы “Хрысціяне веры евангельскай” Віталя Радчанкі.
Пастар знайшоў тэхплан участка, які знаходзіцца ў яго маёмасці, і вывесіў яго ў павялічаным выглядзе перад агароджай. Азнаёміўшыся з планам, архітэктары прызналі права Радчанкі на зямельны ўчастак. Яны запэўнілі камунальнікаў, што знос не патрэбен – патрэбна судовае разбіральніцтва.
Жонка Віталя Радчанкі Таццяна адзначае, што першапачаткова тэрыторыя, на якой пабудаваны іх дом, належала да тэрыторыі Магілёўскага раёна. Пазней яе ўключылі ў рысу горада. З-за таго, што недзе згубіліся дакументы на іх права займаць гэты ўчастак, частку тэрыторыі ў іх хацелі адабраць і аддаць пад плошчу для будаўніцтва шматпавярховага дома.
Цяпер з дапамогай магілёўскіх праваабронцаў вернікі збіраюцца даказаць законнасць выдадзенага ім зямельнага участка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва.