Магілёўскія камунальнікі згубілі мэблю БНФ
Сёлета ў снежні прадстаўнікі Партыі БНФ і Руху БНФ "Адраджэнне" нарэшце знайшлі памяшканне пад офіс.
Яны пазбыліся памяшкання яшчэ ў 2009 годзе і тры гады не маглі арандаваць новае. Цяпер фронтаўцы будуць размяшчацца па адрасе вуліца Ленінская, д. 29а.
Аднак радасць бээнэфаўцаў атрымалася няпоўнай. Яны не могуць знайсці мэблю са свайго старога офісу, якую здавалі на захаванне ў ЖЭС №5. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік абласной філіі Руху БНФ "Адраджэнне" Зміцер Салаўёў.
Салаўёў: "Памянялася кіраўніцтва, памяняліся майстры — і яны не ведаюць, дзе мэбля, куды яны яе падзелі. Будзем разбірацца".
Па словах Салаўёва, мэблю здавалі на адказнае захаванне, пад вопіс, з адпаведнымі дакументамі. Актывіст не выключае, што справа можа дайсці да суда. Разам з тым, ён лічыць верагодным, што ЖЭС можа кампенсаваць фронтаўцам страты ці грашыма, ці іншай мэбляй, калі не знойдзе зніклую.
Фота — svaboda.org