Маладафронтавец Уладзімір Яроменак не выйшаў з Акрэсціна

17 траўня Яроменку прысудзілі 7 сутак арышту. Як адзначае прэс-служба "Маладога фронту", 22 траўня ў турме маладафронтаўца наведваў супрацоўнік КДБ і пагражаў, што той яшчэ доўга не выйдзе з-за кратаў.

Паплечнікі юнака не выключаюць, што Яроменка зноў затрымалі, як затрымлівалі адразу пасля вызвалення Паўла Вінаградава і Міхася Мускага. Магчыма, на хлопца склалі фіктыўны пратакол за нейкае парушэнне.

У такім разе ў Яроменка будзе трэцяе адміністрацыйнае пакаранне пасля прызначэння яму адміністрацыйнага нагляду. Тады юнаку могуць прызначыць больш жорсткі рэжым прэвентыўнага нагляду. Нагадаем, што год таму маладафронтавец быў асуджаны за Плошчу на 3 гады зняволення. Летам 2011 года актывіста памілавалі.

Фота — svaboda.org