“Маладыя хрысціянскія дэмакраты” праводзяць устаноўчы з’езд
3 лістапада месцам правядзення мерапрыемства стала сядзіба БНФ у Мінску.
“Маладыя хрысціянскія дэмакраты” з’яўляюцца моладзевым крылом аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Як паведаміла БелаПАН перад пачаткам мерапрыемства лідар МХД Марына Хоміч, на з’езд абрана 60 дэлегатаў з усёй Беларусі.
“Мы маем намер стварыць грамадскае аб’яднанне для таго, каб абараніць удзельнікаў МХД ад рэпрэсій і магчымых спраў на падставе артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, — сказала яна.
Паводле слоў Хоміч, актывісты МХД яшчэ 10 кастрычніка падалі 13 заявак на правядзенне ўстаноўчага з’езда арганізацыі ў розныя ўстановы Мінска, аднак ім усюды адмовілі, таму давялося праводзіць з’езд ў офісе Партыі БНФ.
Трэба адзначыць, што аргкамітэт БХД чатыры разы праводзіў устаноўчыя з’езды, і чатыры разы Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі партыі.