Эдуард Малафееў сустракае 30-годдзе перамогі ў мінскім "Дынама"

У 30-я ўгодкі перамогі мінскага "Дынама" ў футбольным чэмпіянаце Савецкага Саюза 1982 года (а ён тады быў галоўным трэнерам каманды), 70-гадовы Малафееў — на працы. Вось што ён распавёў па тэлефоне Еўрарадыё.

Эдуард Малафееў: "Я думаю пра тое, як Гасподзь дапамог мне, нашай камандзе менавіта зрабіць такі добры падарунак. Так парадаваць заўзятараў... Адзначаць будзем, будзем успамінаць. Калі сябры будуць сустракацца, будзем успамінаць. Калі будзе маладое пакаленне, будзем расказваць, як нам удалося гэта зрабіць. Як трэба працаваць. Разуменне галоўнай задачы ў жыцці трэба тлумачыць моладзі. Трэба выхоўваць іх, каб яны станавіліся сапраўднымі патрыётамі сваёй рэспублікі, свайго народу, сваіх заўзятараў".

Паводле слоў Эдуарда Малафеева, для яго важна "перадаць пэўны свой досвед", падняць узровень трэнерскага складу, каб "выхоўваць футбалістаў больш высокага ўзроўню". А ў ідэале — каб паўтарылася "фабрыка зорак" 1980-х, калі ў Беларусі з'явіліся такія выдатныя футбалісты, як Аляксандр Пракапенка, Ігар Гурыновіч, Сяргей Алейнікаў, Андрэй Зыгмантовіч, Сяргей Бароўскі, Сяргей Гоцманаў і многія іншыя.

Эдуард Малафееў верыць, што мінскае "Дынама" зможа змагацца за залатыя медалі чэмпіянату Беларусі (сёлета каманда стала бронзавым прызёрам).


30 гадоў таму мінскае "Дынама" Малафеева стала чэмпіёнам СССР (відэа)


Эдуард Малафееў: Хто выпіваў у "Дынама"? Я, Пудышаў і Пракапенка