Марціновіч: Мінск хочуць ператварыць у “камунізм без капучына”
Еўрарадыё запыталася ў дзеячоў культуры, за што прэзідэнт можа не любіць беларускую сталіцу.
21 красавіка падчас традыцыйнага звароту да беларускага народа Аляксандр Лукашэнка двойчы згадаў Мінск у негатыўным святле. На думку журналіста і выкладчыка ЕГУ Віктара Марціновіча, гэта можа азначаць змену беларускай ідэалогіі.
Віктар Марціновіч: “Цікавы турыстычны гайдбук “Lonely planet” вызначае Беларусь, як “камунізм з капучына”. Калі я прачытаў гэта, я зразумеў, што так дакладна сказаць нельга. Складнік "капучына" адсылае менавіта да Мінску, выцякае з мінскай культуры. Мінск сёння гэта амаль што звычайны еўрапейскі горад у плане спажывецкай культуры. Я зараз іду па Карла Маркса і выбіраю, у якой кавярні сесці. І гэта абсалютна не камуністычны занятак”.
Але культуролаг мяркуе, што якраз зараз можа адбывацца змена ў адваротным накірунку: з "камунізма з капучына" на "камунізм без капучына".
Віктар Марціновіч: "Каб зрабіць такую перабудову, трэба, відавочна, пазбавіцца, ад Мінску як ад сімвала еўрапейскай буржуазнай культуры. Гэтага вымагае бягучая эканамічная сітуацыя. Сітуацыя, у якой мы не можам свабодна набыць долары, сітуацыі, у якой прасторы для капучына становіцца мала. Калі жыць у Мінску, не чытаць навіны, не глядзець БТ, гуляць па парках, размаўляць з мінчукамі, і асаблівамі з мінчанкамі, дык адчування, што жыць тут вельмі складана, няма. Дык можа трэба нагадаць усім нам, што мы жывем у дзяржаве?"
Філосаф беларускай сталіцы, аўтар кнігі “Горад сонца” Артур Клінаў мяркуе, што, нягледзячы на негатыўныя выказванні, беларускі прэзідэнт у пэўнай ступені можа лічыцца сапраўдным мінчуком.
Артур Клінаў: “З аднаго боку, каб адчуць горад душой, трэба ў ім нарадзіцца. З іншага боку, няма праблемы, калі чалавек не нарадзіўся ў Мінску, а прыехаў і стаў мінчуком. Што датычыцца прэзідэнта, дык, калі ён валявым загадам аднаўляе гатэль “Еўропа” ці Ратушу, – ён робіць учынкі сапраўднага мінчука".
Але можна сказаць, у якім выпадку ён мог бы стаць сапраўдным мінчуком. Гэта адбыалося б у выпадку, калі б прэзідэнт рэалізаваў два праекты. Першы праект – захаванне “горада сонца”, другі праект – адраджэнне старога горада, які мы называем “Менск”. Рэстаўрацыя Нямігі і ўсяго, што было страчана”.
Заявы наконт неабходнасці развіваць не Мінск, а беларускія рэгіёны, Артур Клінаў успрымае спакойна.
Артур Клінаў: “Сёння, вядома, ёсць ў Беларусі такая дыспрапорцыя: практычна ўсё, што адбываецца, сканцэнтравана ў Мінску. Не мусіць адзін горад у краіне цягнуць на сабе ўсё! Калі б болей увагі надавалася абласным цэнтрам, якія б пацягнуліся за Мінскам хоць троху, то бяды ў гэтам не было б. У кожнай еўрапейскай краіне так і адбываецца... Няма такога, каб сталіца Польшчы ці Германіі канцэнтравала ў сабе ўсё-ўсё, а астатнія гарады з’яўліся не больш, чым фонам”.
Фота: lenta.ru