Мартынаў: Праблемы з правам чалавека ёсць і ў краінах ЕС
Міністр замежных спраў Беларусі прыняў удзел у 3-й сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-партнёраў "Усходняга партнёрства" ў Бруселі.
Як паведамляе БЕЛТА, у сваім выступе Сяргей Мартынаў звярнуў увагу на неабходнасць няўхільнага выканання асноўных прынцыпаў "Усходняга партнёрства", якія выключаюць дыскрымінацыйныя падыходы. "Беларускі дыпламат падкрэсліў неабходнасць бачыць праблемы з правамі чалавека і ў краінах-сябрах ЕС, асабліва на фоне крызісных падзеяў апошняга часу", — адзначылі ў МЗС нашай краіны.
Нагадаем, у саміце брала ўдзел старшыня замежнапалітычнай службы ЕС Кэтрын Эштан. Яна паведаміла на прэс-канферэнцыі, што еўрапейскія міністры выказалі Мартынаву "сваю глыбокую занепакоенасць адсутнасцю пашаны да правоў чалавека, вяршэнства права і незалежных СМІ ў Беларусі". Чарговы раз міністры краін ЕС падкрэслілі важнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, змены рэпрэсіўнай палітыкі і свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў увосень 2012 года.
На фота: Мартынаў і Эштан падчас сустрэчы ў 2010 годзе. Фота: Council of the European Union