Масква Мінску: вярніце нам 1,5 мільярды долараў
Тэма кампенсацыі расійскаму бюджэту стратаў ад "растваральнага" бізнесу прагучала падчас перамоваў аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь.
"Расія прапанавала вярнуць у расійскі бюджэт пошліны, недаатрыманыя ад экспарту з Беларусі растваральнікаў, разбавіцеляў, змазачных матэрыялаў і г. д.", — заявіла агенцтву "Прайм" крыніца ў органах дзяржкіравання.
БелаПАН нагадвае, што ў канцы мінулага тыдня ў Маскве прайшлі перамовы з удзелам першага віцэ-прэм'ера беларускага ўрада Уладзіміра Сямашкі і намесніка міністра эканомікі Анатоля Філонава. Віцэ-прэм'ер Расійскай Федэрацыі Аркадзь Дварковіч 26 кастрычніка заявіў, што Расія і Беларусь абмяркоўваюць аб'ёмы паставак нафты на 2012-2013 гады ва ўвязцы з рашэннем праблемы экспарту беларускім бокам растваральнікаў.
Расійскія афіцыйныя асобы неаднаразова выказвалі занепакоенасць той акалічнасцю, што Мінск можа экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў, каб пазбегнуць выплаты экспартных пошлін у бюджэт Расіі. У сярэдзіне верасня беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч аб'явіў, што экспарт растваральнікаў і разбавіцеляў з краіны поўнасцю спынены больш як месяц таму, каб выключыць недавер з боку расійскіх партнёраў.
Фота — wallpage.ru