Мастак Купава прапануе аднавіць былы базыльянскі кляштар у Оршы

Мікола Купава згадвае, што базыльянскі кляштар быў адным з самых адметных архітэктурных помнікаў горада. Збудаваны ў XVIII стагоддзі кляштар разбурылі ў 1960-х. Ад яго цяпер застаўся толькі адзін будынак, які перадалі Беларускай праваслаўнай царкве. Аднак гэтае збудаванне працягвае разбурацца.

Купава лічыць несправядлівым, што клопат пра ўзнаўленне святыні пераклалі на плечы толькі рэлігійнай грамады. Сам кляштар разбурылі ўлады, таму і асноўны клопат па яго ўзнаўленні павінны ўзяць на сябе яны, кажа мастак.

Сам творца абвясціў аб продажы сваіх карцін. 65% атрыманых грошай ён мяркуе ахвяраваць на ўзнаўленне кляштара базылянаў. Таксама ён заклікае грамадскасць далучыцца да высакароднай справы.

Фота — news.vitebsk.cc