Медалі для Алімпіяды ў Лондане сталі самымі дарагімі за ўсю гісторыю

Узнагароды захоўваюць у лонданскім Тауэры, побач з ўпрыгожваннямі брытанскай кароны. Усяго вырабілі 4,7 тысяч алімпійскіх і паралімпійскіх медалёў. Яны атрымаліся дарагімі, бо з часу правядзення Алімпіяды ў Пекіне ў 2008 годзе цэны на золата і срэбра выраслі ў два разы.

Медалі для Алімпійскіх гульняў 2012 года адрозніваюцца і памерамі: 85 мм у дыяметры і 7 мм у таўшчыню. Гэта адны з самых цяжкіх Алімпійскіх медалёў, якія калі-небудзь былі вырабленыя. Залаты медаль вагой каля 410 грам утрымлівае толькі 6 грам золата, астатняе - прымешкі срэбра і медзь, паведамляюць англійскія СМІ. Медалі ў Пекіне важылі каля 200 грам.

Дызайн медалёў распрацаваў брытанскі мастак Дэвід Уоткінс. На іх адлюстраваная грэцкая багіня перамогі Ніка. На адваротным баку - лагатып Алімпійскіх гульняў на фоне выпраменьваючых святло зорак, што адлюстроўвае дух і традыцыі Алімпіядаў. Акрам ўсяго гэтага, дызайнер змясціў на медалі выяву ракі Тэмзы.