Месцы ў "Еўранэст" чакаюць беларускіх парламентарыяў

Першае пасяджэнне Парламенцкай асамблеі праграмы ЕС "Усходняе партнёрства" ("Еўранэст") адбудзецца 3 траўня ў Брусэлі. Аб тым, як паведамляе агенцтва РАР, 20 красавіка заявіў польскі еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі.

У пасяджэнні прымуць удзел 50 еўрадэпутатаў і яшчэ 50 парламентарыяў краін-удзельніц праграмы "Ўсходняе партнёрства". Паводле яго слоў, яшчэ 10 лютага Канферэнцыя кіраўнікоў Еўрапейскага парламента аднагалосна прыняла рашэнне пачаць працу "Еўранеста" без прысутнасці Беларусі. Раней, 26 студзеня такое рашэнне прыняў прэзідыум Парламенцкай асамблеі праграмы ЕС "Усходняе партнёрства".

"Беларускіх парламентарыяў не будзе, бо Еўрапарламент не прызнае дэмакратычнасць выбранага ў Беларусі парламента. Аднак месцы чакаюць іх, а з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Еўрапарламент будзе кансультавацца. Іх будуць трымаць у курсе наконт пытанняў, якія прымаюцца "Еўранэстам", — заявіў ён.