Мікалай Дзядок: не магу прасіць памілавання за тое, чаго не рабіў
Вязень Шклоўскай калоніі паведаміў бацькам ў лісце, што яму пасля некалькіх месяцаў нарэшце дазволілі атрымаць медычную бандэроль.
Таксама Мікалай Дзядок у лісце вітаў вызваленне Сяргея Каваленкі і Паўла Сырамалотава. Але сам ён заяўляе, што падаваць прашэння аб памілаванні не будзе. Са словаў бацькі палітвязня, Аляксандра Дзядка, хлопец не можа прасіць памілавання за тое, чаго не рабіў, тым больш у тых, хто незаконна яго асудзіў, перадае Радыё Свабода.
Мікалай Дзядок адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі па гэтак званай “справе анархістаў”, ён асуджаны на 4,5 гады. Ужо некалькі месяцаў актывіста трымаюць у памяшканні камернага тыпу як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму. Зняволенаму не дазваляюць сустракацца са сваякамі — у канцы месяца будзе год, як бацька апошні раз бачыўся з сынам.