Міхаіл Захараў адмовіўся ад медагляду пасля ДТЗ

Пра гэта піша інтэрнэт-выданне "Ежедневник"


Нагадаем, ДТЗ з удзелам аўтамабіля Захарава адбылося 12 чэрвеня ў 5.30 раніцы ў цэнтры Мінску. "Бэнтлі", які належыць хакейнаму трэнеру, выехаў на паласу сустрэчнага руху і ўрэзаўся ў "Лексус" з расійскімі нумарамі. 


Відавочцы кажуць, за рулём "Бэнтлі-Кантыненталь" быў сам Захараў, да таго ж нецвярозы. Тым часам віну на сябе ўзяла дзяўчына вядомага трэнера. ДАІ, аднак, заяўляе, што за рулём аўтамабіля быў мужчына 1962 года нараджэння. 


"Ежедневник" са спасылкай на дакументы ДАІ сцвярджае, што за рулём Бэнтлі быў сам трэнер. Пры гэтым па ўсіх прыкметах ён сапраўды быў нецвярозы. Даішнікі прапанавалі Захараву прайсці медагляд. Але ён адмовіўся гэта зрабіць, на што меў поўнае права. Павродле закону, абавязковы медагляд кіроўцы робіцца толькі ў тых выпадках, калі ў аварыі ёсць пацярпелыя. Аднак паводле Кодэксу адмова ад медагляду прыраўноўваецца да кіравання транспартам у стане ап'янення. Менавіта таму на Захарава склалі два адміністрацыйныя пратаколы — за парушэнне правілаў дарожнага руху і за кіраванне транспартам у нецвярозым выглядзе.