Міхаіла Грабоўскага прызналі найлепшым хакеістам Беларусі

Такое званне 27-гадовы форвард нацыянальнай зборнай Беларусі і канадскага "Таронта Мэйпл Ліфс" атрымаў па выніках сезону 2010/2011 года. 


Другое месца ў апытанні заняў 24-гадовы нападнік амерыканскага "Нэшвіла" і зборнай Беларусі Сяргей Касціцын. Замкнуў тройку найлепшых 36-гадовы галкіпер мінскага "Дынама" і зборнай Беларусі Андрэй Мезін. Агулам удзельнікі апытання згадвалі прозвішчы 31 гульца. 


Як адзначае БЕЛТА, Грабоўскі ўжо другі раз прызнаны хакеістам года. Упершыню ён атрымаў гэтае званне ў 2009 годзе.