Міліцыя выступіла з уласнай версіяй падзей у Ваўкавыскай бальніцы

Заява гродзенскіх міліцыянераў з’явілася на афіцыйным сайце мясцовага ГУУС. Паводле іх версіі, доктар зацянуў медагляд дастаўленага даішнікамі ў бальніцу кіроўцы больш чым на паўгадзіны. А потым паспрабаваў правесці аналіз крыві ў пакоі, недасяжным да міліцыянтаў. Калі яны гэтаму запярэчылі, то доктар прымяніў фізічную сілу і парваў форму аднаго з інспектараў.

Нагадаем, што інцыдэнт у Ваўкавыскай бальніцы адбыўся ў ноч на 16 ліпеня. Паводле версіі самога доктара, міліцыянеры падчас медагляду перашкаджалі працы медыкаў, мацюкаліся і здымалі працэс на мабільны тэлефон. Калі доктар паспрабаваў вывесці кіроўцу ў іншы пакой, даішнікі адзелі яму на рукі кайданкі і пачалі збіваць. Сведкамі збіцця доктара міліцыянтамі сталі яго калегі.